Шрифт:
Яна ўзяла iх абоiх за рукi i ўвяла ў сваю хацiну. Прынесла iм смачнай ежы - малака з блiнамi, пасыпанымi цукрам, яблыкаў i арэхаў. Пасля яна паслала дзве прыгожыя пасцелькi i накрыла iх белымi коўдрамi. Улеглiся Гензель i Грэтэль i палiчылi, што трапiлi, бадай, у рай.
Але старая толькi прыкiнулася такою добрай, а была яна на самай справе злая ведзьма, што падпiльноўвае дзяцей, i хацiнку з хлеба зладзiла для таго, каб лепш заманiць. Калi хто трапляў да яе ў рукi, яна таго забiвала, пасля варыла i з'ядала, i было гэта для яе святам. У ведзьмаў заўсёды бываюць чырвоныя вочы, i бачаць яны ўдалечыню слаба, але затое ў iх нюх, як у звяроў, i яны адчуваюць, калi чалавек блiзка.
Калi Гензель i Грэтэль падыходзiлi да яе хацiны, яна злосна зарагатала i пацерла рукi з ухмылкаю:
– Вось яны i мае! Цяпер ужо iм адгэтуль не ўцячы!
Рана-ранiчкай, калi дзецi яшчэ спалi, яна паднялася, зiрнула, як яны спяць спакойна ды якiя ў iх пульхныя i ружовыя шчочкi, i ўсцешылася: "Будзе-будзе для мяне смачны сняданак!"
Яна схапiла Гензеля сваёй кастлявай рукою, занесла яго ў хлеў, а пасля замкнула за сабой дзверы з жалезнымi кратамi - няхай лемантуе колькi хоча, нiшто яму не паможа. Затым пайшла яна да Грэтэль, раскатурхала яе, пабудзiла i кажа:
– Падымайся, гультайка, ды прынясi мне вады, згатуй свайму брату што-небудзь смачнае, - вунь сядзiць ён у хляве, няхай сыцее i гладзее. А калi распаўнее, я яго з'ем.
Залiлася Грэтэль горкiмi слязьмi, але - што рабiць?
– давялося ёй рабiць тое, што загадала злая ведзьма.
I вось былi згатаваныя для Гензеля самыя смачныя стравы, а Грэтэль засталiся толькi адны недаедкi.
Кожную ранiцу падыходзiла старая да маленькага хлява i гаварыла:
– Гензель, пакажы мне свае пальцы, я хачу ўбачыць, цi даволi ты папаўнеў.
Але Гензель падымаў костачку, i старая, якая слаба бачыла, не магла разгледзець, што гэта такое, i думала, што гэта Гензелевы пальцы, i здзiўлялася, чаму гэта ён зусiм не правiцца.
Так мiнула чатыры тыднi, але Гензель усё яшчэ быў худы, - тут старая страцiла ўсякую цярплiваць i чакаць больш не захацела.
– Эй, Грэтэль, - крыкнула яна дзяўчынцы, - варушыся жвавей, прынясi вады: усё роўна - цi тлусты Гензель, цi сухарэбры, а ўжо заўтра ранiцай я яго закалю i згатую.
Ой як бедавала няшчасная сястрычка, калi давялося ёй цягаць ваду, як цяклi ў яе слёзы струменямi па шчоках!
– Божа, ды памажы ж ты нам!
– усклiкнула яна.
– Лепш бы нас разарвалi дзiкiя звяры ў лесе, тады хоць бы загiнулi мы разам.
– Ну, годзе ныць!
– закрычала старая.
– Цяпер табе нiхто не паможа.
Ранiчкай Грэтэль павiнна была падняцца, выйсцi на двор, пачапiць кацёл з вадою i раскласцi агонь.
– Спачатку мы спячом хлеб, - сказала старая, - я ўжо выпалiла печ i замясiла цеста.
– Яна штурхнула бедную Грэтэль да самай печы, адкуль ледзь не апалiла яе пякельным полымем.
– Ну, лезь у печ, - загадала ведзьма, - ды паглядзi, цi добра яна напаленая, цi не час булкi туды падаваць.
Толькi паспрабавала Грэтэль лезцi ў печ, як ужо старая тут жа наладзiлася зачынiць яе там засланкай, каб Грэтэль засмажыць, а потым i з'есцi. Ды Грэтэль здагадалася, што задумала старая, i кажа:
– Ды я не ведаю, як гэта зрабiць, як мне туды залезцi.
– Вось дурная гуска, - незадаволена сказала старая, - глядзi, якiя вялiкiя чалеснiкi, я i то магу туды залезцi, - i яна ўзабралася на прыпек i засунула галаву ў печ.
Тут Грэтэль як пiхне ведзьму, ды так, што тая апынулася ў самым полымi. Хуценька Грэтэль прыкрыла печ жалезнай засланкаю i заперла на засаўку. У-ой як страшэнна завыла ведзьма! А Грэтэль пабегла; i згарэла ведзьма-душагубка ў страшэннай пакуце.
Кiнулася Грэтэль хутчэй да Гензеля, адчынiла хлеў i ўсклiкнула:
– Гензель, мы выратаваныя: старая ведзьма згiнула!
Выiмчаў Гензель з хлява, быццам птушка з клеткi, калi адчыняць перад ёй дзверцы. Як узрадавалiся яны, як кiнулiся адно да аднаго, як скакалi яны ад уцехi, як моцна яны цалавалiся! I паколькi iм не было чаго цяпер баяцца, дык яны ўвайшлi ў ведзьмiну хацiну, а стаялi там усюды па кутах куфэркi з жэмчугам i каштоўнымi каменьчыкамi.
– Гэтыя, бадай, будуць лепшыя за нашыя пясчанiкi, - сказаў Гензель i напоўнiў самацветамi поўныя кiшэнi.
– Мне таксама хочацца што-небудзь прынесцi дадому, - прамовiла Грэтэль i насыпала каменьчыкаў у фартух.
– Ну, а цяпер бяжым хутчэй адсюль, - сказаў Гензель, - бо нам трэба яшчэ выбрацца з ведзьмiнага лесу.
Вось прайшлi яны подбегам гадзiны са дзве i натрапiлi нарэшце на вялiкае возера.
– Не перабрацца нам цераз яго, - засмуцiўся Гензель, - нiдзе не бачна нi кладачкi, нi мосцiка.