Шрифт:
— Дык што, ты ідзеш у Тэнстол? — спытаў Дзік.
— Што ж рабіць, — сказаў Мэтчэм, — давядзецца ісці! Я храбрэйшы за спіною сэра Дэніэла, чым у яго на вачах.
Яны наспех паелі і пайшлі па сцяжынцы, якая вяла іх усё вышэй пад гару. Велізарныя букі раслі пасярод зялёных лужкоў; вавёркі і птушкі весела пераскоквалі з галінкі на галінку. Праз дзве гадзіны яны былі ўжо на другім баку грады пагоркаў і ішлі ўніз; неўзабаве за вяршалінамі дрэў паказаліся чырвоныя сцены і дах Тэнстолскага замка.
— Развітайся тут са сваім сябрам Джонам, якога ты ніколі больш не ўбачыш, — сказаў Мэтчэм і спыніўся. — Даруй Джону ўсё, што ён табе зрабіў благога, і ён таксама з радасцю і любоўю даруе табе.
— Навошта? — спытаў Дзік. — Мы абодва ідзём у Тэнстол і будзем бачыцца там вельмі часта.
— Ты ніколі больш не ўбачыш беднага Джона Мэтчэма, які быў такі баязлівы і надакучлівы, але ўсё-такі выцягнуў цябе з ракі. Ты больш не ўбачыш яго, Дзік, клянуся маім гонарам!
Ён растуліў абдымкі. Хлопчыкі абняліся і пацалаваліся.
— Я прадчуваю бяду, Дзік, — працягваў Мэтчэм. — Ты зараз убачыш зусім новага сэра Дэніэла. Да гэтага часу яму ўсё ўдавалася, шчасце само ішло ў рукі, але цяпер лёс павярнуўся супраць яго, і ён будзе кепскім валадаром для нас абодвух. Ён храбры на полі бою, але ў яго хлуслівыя вочы. Зараз у вачах яго спалох, а страх, Дзік, яшчэ люцейшы за воўка! Мы ідзём у яго замак. Святая Марыя, выведзі нас адтуль!
Яны моўчкі спусціліся з пагорка і нарэшце падышлі да лясной цвярдыні сэра Дэніэла — нізкага змрочнага будынка з круглымі вежамі, з мохам і плесенню на сценах і з глыбокім ровам, поўным вады, у якім плавалі гарлачыкі. Пры іх з'яўленні брама расчынілася, пад'ёмны мост апусціўся, і сэр Дэніэл, у суправаджэнні Хэтча і свяшчэнніка, выйшаў ім насустрач.
Кніга другая
ЗАМАК МОТ
Раздзел I
Дзік задае пытанні
Замак Мот стаяў недалёка ад лясной дарогі. Гэта быў чырвоны мураваны прамавугольны будынак, па баках якога ўзвышаліся круглыя вежы з байніцамі і зубцамі. Усярэдзіне замка быў вузкі двор. Праз роў, які меў футаў дванаццаць у шырыню, быў перакінуты пад'ёмны мост. Вада сцякала ў роў па канаве, што злучала яго з лясной сажалкай; уся канава знаходзілася пад аховай дзвюх паўднёвых вежаў. Абараняцца ў такім замку было дужа зручна. Крыху псавалі справу толькі два высокія галіністыя дрэвы паблізу, якія чамусьці забылі ссекчы. Залезшы на іх, варожыя стралкі маглі пагражаць абаронцам замка.
У двары Дзік застаў некалькіх воінаў з гарнізона, якія рыхтаваліся да абароны і панура разважалі аб тым, ці ўдасца ім утрымаць замак. Хто рабіў стрэлы, хто вастрыў мячы, якімі даўно ўжо не карысталіся: усе з сумненнем хіталі галовамі.
З усяго атрада сэра Дэніэла толькі дванаццаці воінам удалося ўцячы жывымі з поля бітвы, прайсці цераз лес і з'явіцца ў замак Мот. Але і з іх трое былі цяжка паранены: двое — у бітве пры Райзінгэме, у час бязладных уцёкаў, а адзін быў паранены ў лесе малайцамі Джона Помшчу-за-ўсіх. Разам з воінамі з гарнізона, з Хэтчам, з сэрам Дэніэлам і маладым Шэлтанам у замку знаходзіліся дваццаць два чалавекі, якія здольны былі ваяваць. Можна было чакаць, што з часам з'явіцца яшчэ хто-небудзь. Небяспека, значыць, заключалася не ў малалікасці атрада.
Чорныя стрэлы — вось чаго баяліся абаронцы замка. Менш за ўсё баяліся яны сваіх яўных ворагаў — прыхільнікаў Йорка. Яны суцяшаліся думкай, што «ўсё пераменіцца», як любілі казаць у той смутны час, і што бяда, магчыма, міне іх. Затое перад сваімі ляснымі суседзямі яны трымцелі ад страху. Жыхары навакольных вёсак ненавідзелі не толькі сэра Дэніэла. Яго воіны, карыстаючыся сваёй беспакаранасцю, таксама крыўдзілі і прыгняталі ўсіх. Жорсткія загады сэра Дэніэла жорстка выконваліся яго падручнымі, і кожны з воінаў, што сабраліся ў двары замка, здзейсніў нямала насілля і злачынстваў. А цяпер, дзякуючы пракудам вайны, сэр Дэніэл ужо не мог абараніць сваіх прыхільнікаў; цяпер, пасля бітвы, якая доўжылася ўсяго некалькі гадзін і ў якой многія з іх нават не прымалі ўдзелу, яны сталі маленькай купкай дзяржаўных злачынцаў, што знаходзяцца па-за законам. Яны асаджаны ў нікчэмнай крэпасці і прадастаўлены справядліваму гневу сваіх ахвяр. Да таго ж хапала адных грозных напамінкаў аб тым, што іх чакае.
На працягу вечара і ночы да брамы з гучным іржаннем прыскакалі сем напалоханых коней без вершнікаў. Два з іх належалі воінам атрада Сэлдэна, а пяць — тым, каго сэр Дэніэл вадзіў у бой. Перад світаннем да рова, хістаючыся, падышоў дзіданосец, пранізаны трыма стрэламі. Толькі яго занеслі ў замак, як ён сканаў; з яго перадсмяротнага лепятання вынікала, што ніводзін чалавек з даволі шматлікага атрада, да якога ён належаў, не ацалеў.
Нават загарэлы твар Хэтча збялеў ад трывогі. А калі Дзік расказаў яму аб лёсе Сэлдэна, ён упаў на каменную лаўку і зарыдаў. Воіны, якія сядзелі на табурэтках і прыступках у сонечным кутку двара, паглядзелі на яго са здзіўленнем і неспакоем, але ніводзін з іх не адважыўся спытаць у яго, чаго ён плача.
— Помніце, майстар Шэлтан, што я вам гаварыў? — вымавіў нарэшце Хэтч. — Я казаў, што ўсіх нас пазабіваюць. Сэлдэн быў малайчына, і я любіў яго, як брата. Яго забілі другога. Ну што ж, мы ўсе пойдзем услед за ім! Як сказана ў тым подлым вершыку пра чорныя стрэлы? «Няхай баяцца ілгуны — ляцяць без промаху яны». Так, здаецца? Ну што ж — Эпльярд, Сэлдэн, Сміт і стары Гэмфры ўжо забітыя. А ў замку ляжыць бедны Джон Картэр і просіць, грэшнік, свяшчэнніка.
Дзік прыслухаўся. Ён стаяў непадалёку ад нізкага акенца, з якога даляталі стогны і прыгалошванне.