UR.ANUS
Чорная страла
вернуться

Стивенсон Роберт Льюис

Шрифт:

— Хадзем, — панура сказаў Дзік.

І пабрыў назад у гушчар. Мэтчэм стомлена калдыбаў за ім.

Яны моўчкі ішлі па лесе. Ужо было позна; сонца апускалася ў балота за Кэтлі; вяршаліны дрэў барвянелі ў яго промнях, але цені рабіліся ўсё гусцейшымі, і ў паветры павеяла начным холадам.

— Эх, каб паесці! — усклікнуў Дзік, спыніўшыся.

Мэтчэм сеў на зямлю і заплакаў.

— Вось з-за вячэры ты плачаш, затое, калі трэба было ратаваць людзей, ты быў спакойны, — пагардліва сказаў Дзік. — На тваім сумленні сем чалавек, майстар Джон; і гэтага я табе ніколі не дарую.

— На маім сумленні? — усклікнуў Мэтчэм люта. — На маім? А на тваім кінжале чырвоная чалавечая кроў! За што ты забіў бедака? Ён узняў лук, але не выстраліў; ён мог цябе забіць, але пашкадаваў! Вялікая храбрасць — забіць бяззбройнага, як кацяня!

Дзік аслупянеў ад знявагі.

— Я забіў яго ў сумленным баі. Я кінуўся на яго, калі ён падняў лук! — усклікнуў ён.

— Ты забіў яго, як баязлівец, — запярэчыў Мэтчэм. — Ты крыкун і выхваляка, майстар Дзік! У кожнага, хто мацнейшы за цябе, ты будзеш валяцца ў нагах! Ты не ўмееш помсціць. Смерць твайго бацькі засталася неадпомшчанай, і яго няшчасны дух дарэмна моліць аб адплаце. А вось калі якая-небудзь слабая істота, якая не ўмее біцца, пасябруе з табой, яна загіне.

Дзік быў занадта разлютаваны, каб звярнуць увагу на слова «яна».

— Лухта! — крыкнуў ён. — Вазьмі любых двух чалавек, і заўсёды высветліцца, што адзін дужэйшы, а другі слабейшы. Моцны перамагае слабага, і гэта правільна. А цябе, майстар Мэтчэм, за тваё свавольства і няўдзячнасць варта адлупцаваць папружкай, і я цябе адлупцую.

І Дзік, які ўмеў у самым моцным гневе здавацца спакойным, пачаў расшпільваць свой пояс.

— Вось што ты атрымаеш на вячэру, — сказаў ён, змрочна ўсміхаючыся.

Мэтчэм перастаў плакаць; ён быў белы як палатно, але цвёрда глядзеў Дзіку ў твар і не рухаўся. Дзік ступіў уперад, падняў папружку. Але тут жа спыніўся, збянтэжаны вялікімі вачыма і асунутым, стомленым тварам свайго таварыша. Дзік завагаўся.

— Прызнайся, што ты несправядлівы, — запінаючыся, прамовіў ён.

— Не, я справядлівы, — сказаў Мэтчэм. — Бі мяне! Я кульгаю; я стаміўся; я не супраціўляюся; я не зрабіў табе нічога кепскага. Дык бі ж мяне, баязлівец!

Пачуўшы гэтыя зневажальныя словы, Дзік узмахнуў папружкай, але Мэтчэм так уздрыгнуў, так сцяўся ўвесь ад страху, што ў Дзіка зноў не хапіла рашучасці нанесці ўдар. Рука з папружкай апусцілася; ён не ведаў, што рабіць, і адчуваў сябе дурнем.

— Каб ты здох ад чумы! — сказаў ён. — Калі ў цябе слабыя рукі, дык прытрымай свой язык. Але біць я цябе не магу, хай мяне лепш павесяць. — І ён падперазаў свой пояс. — Біць я цябе не буду, — працягваў ён, — але дараваць табе я ніколі не дарую. Я цябе не ведаў. Ты быў ворагам майго валадара; я аддаў табе свайго каня; я аддаў табе свой абед, а ты казаў, што я зроблены з дрэва. Ты абазваў мяне баязліўцам і выхвалякам. Не, мера майго цярпення перапоўнена, клянуся! Цяпер я ўжо бачу, як выгадна быць слабым: ты можаш здзяйсняць самыя брыдкія ўчынкі, і ніхто цябе не пакарае; ты можаш украсці ў чалавека зброю, калі яму пагражае небяспека, і чалавек гэты не пасмее запатрабаваць яе ў цябе, — ты ж такі слабы! Значыць, калі хто-небудзь скіруе на цябе дзіду і крыкне табе, што ён слабы, ты павінен дазволіць яму пранізаць цябе? Лухта! Глупства!

— А ўсё-такі ты мяне не лупцуеш, — сказаў Мэтчэм.

— Чорт з табой! — адказаў Дзік. — Я займуся тваім выхаваннем. Ты кепска выхаваны, але ўсё ж у табе ёсць штосьці добрае, і галоўнае, — ты выцягнуў мяне з ракі. Зрэшты, аб гэтым я згадваць не хачу. Я вырашыў быць гэтакім жа няўдзячным, як ты. Аднак трэба ісці. Калі ты хочаш трапіць у Халівуд сягоння ноччу або хоць бы заўтра раніцой, мы павінны спяшацца.

Але калі да Дзіка і вярнулася яго лагоднасць, Мэтчэм не дараваў яму нічога. Нялёгка яму было забыць і грубасць Дзіка, і забойства ляснога зуха, і, самае галоўнае, узнятую папружку.

— Дзеля прыстойнасці дзякую табе, — сказаў Мэтчэм. — Але, бадай, я і без цябе знайду дарогу, добры майстар Шэлтан. Лес шырокі; ты кроч налева, а я пайду направа. Я ў цябе ў даўгу: ты накарміў мяне абедам і прачытаў мне натацыю; пры выпадку я аддзячу цябе. Усяго добрага!

— Ну і ідзі! — крыкнуў Дзік. — І чорт з табой!

Яны пайшлі ў розныя бакі, не клапоцячыся аб напрамку і думаючы толькі аб сваёй спрэчцы. Але не прайшоў Дзік і дзесяці крокаў, як Мэтчэм аклікнуў яго і пабег за ім.

— Дзік, — сказаў ён, — мы нядобра з табой развіталіся. Вось табе мая рука і вось табе маё сэрца. За ўсё, што ты зрабіў для мяне, за тваю дапамогу мне я дзякую табе, і не з прыстойнасці толькі, а ад усёй душы. Усяго табе добрага!

— Ну што ж, дружа, — сказаў Дзік, ціснучы працягнутую руку, — жадаю, каб табе шанцавала ва ўсім. Але баюся, што не пашанцуе. Надта ўжо ты любіш спрачацца.

Яны рассталіся другі раз. І зноў разлука іх не адбылася. Але цяпер ужо не Мэтчэм пабег за Дзікам, а Дзік за Мэтчэмам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid