Шрифт:
Дзік з цяжкасцю падняўся на ногі; хістаючыся, хапаючыся за ствалы дрэў, ён падышоў да павешанага. Сук тырчаў прыблізна за дваццаць футаў ад зямлі, і бядак быў падняты сваімі катамі так высока, што Дзік не мог дастаць рукою нават да яго ботаў; твар яго ў дадатак быў закрыты капюшонам, таму Дзік ніяк не мог пазнаць, хто ён такі.
Дзік паглядзеў направа, налева і заўважыў, што другі канец вяроўкі прывязаны да ўкрытага кветкамі куста глогу, які рос пад густою засенню дуба. Юнак выцягнуў кінжал — адзіную сваю зброю — і перарэзаў вяроўку; труп з глухім стукам упаў на зямлю.
Дзік прыўзняў капюшон; гэта быў Трогмортан, ганец сэра Дэніэла. Недалёка ўдалося яму адысці ад замка! З-пад яго курткі тырчала нейкая папера, якую, відавочна, не заўважылі малайцы «Чорнай стралы». Дзік выцягнуў яе; то было пісьмо сэра Дэніэла да лорда Ўэнслідэла.
«Калі зноў будзе пераварот, — падумаў Дзік, — вось гэтым пісьмом я зняслаўлю сэра Дэніэла і, можа, нават прывяду яго на плаху». Ён сунуў паперу сабе за пазуху, прачытаў над мёртвым малітву і пабрыў далей праз лес.
Ён быў вельмі слабы і адчуваў сябе страшэнна стомленым; ногі ў яго падгіналіся; ад страты крыві ў вушах звінела, ён раз-пораз траціў прытомнасць. Доўга кружыўся і блудзіў Дзік, але нарэшце выйшаў на вялікую дарогу і апынуўся непадалёку ад вёскі Тэнстол.
Грубы голас загадаў яму спыніцца.
— Спыніцца? — паўтарыў Дзік. — Клянуся небам, я амаль падаю.
І ў пацвярджэнне сваіх слоў ён зваліўся на дарогу.
З гушчару выйшлі двое мужчын, абодва ў зялёных лясных куртках, абодва з лукамі, калчанамі і кароткімі мячамі.
— Лоўлес, — сказаў маладзейшы, — гэта ж сын Гары Шэлтана!
— Ага, Джон Помшчу-за-ўсіх будзе задаволены, — сказаў другі. — Э, ды ён пабываў у баі. На галаве ў яго рана, ён страціў нямала крыві.
— Плячо таксама прабіта, — дадаў Грыншыў. — Яму, відаць, здорава перапала. Як ты думаеш, хто гэта яго так адхвастаў? Калі хто-небудзь з нашых, дык няхай моліцца Богу: Эліс узнагародзіць яго кароткай споведдзю і доўгай вяроўкай.
— Падымай шчанюка, — сказаў Лоўлес. — Кладзі мне яго на спіну.
Закінуўшы Дзіка сабе на плечы і трымаючы яго за рукі, былы манах дадаў:
— Заставайся на варце, брат Грыншыў. Я дацягну яго адзін.
Грыншыў вярнуўся ў засаду каля дарогі, а Лоўлес марудна пабрыў уніз па схіле пагорка, несучы на плячах Дзіка, які так і не апрытомнеў. Сонца ўжо ўзышло, калі Лоўлес выбраўся на ўскраек лесу і ўбачыў за ярам вёску Тэнстол. Усё, здавалася, было спакойным, толькі з абодвух бакоў дарогі каля самага моста ляжалі стралкі; іх было чалавек дзесяць. Убачыўшы Лоўлеса з яго ношай, яны, як і належыць сапраўдным вартавым, нацягнулі лукі.
— Хто ідзе? — крыкнуў іх камандзір.
— Уіл Лоўлес, клянуся распяццем; і ты ведаеш мяне як свае пяць пальцаў, — адказаў расстрыга пагардліва.
— Скажы пароль, Лоўлес! — запатрабаваў камандзір.
— Ты дурань, і няхай паможа табе неба, — адказаў Лоўлес. — Хіба ты не пазнаеш мяне? Усе вы звар'яцелі на гульні ў салдацікі. Калі жывеш у лесе, трэба жыць па-лясному; і вось вам мой пароль: кукіш!
— Лоўлес, ты паказваеш кепскі прыклад. Скажы пароль, дурань! — крыкнуў камандзір.
— А калі я яго забыў? — сказаў Лоўлес.
— Хлусіш, не забыў; а калі забыў, я ўсаджу стралу ў тваё тлустае чэрава, клянуся небам! — адказаў камандзір.
— Бачу я, вы не разумееце жартаў, — сказаў Лоўлес. — Дык вось вам пароль: «Дэкуорт і Шэлтан», а вось і карцінка да гэтага пароля: Шэлтан у мяне на спіне, і я нясу яго да Дэкуорта.
— Праходзь, Лоўлес, — сказаў дазорца.
— А дзе Джон? — спытаў манах.
— Вяршыць суд і збірае чынш, быццам пан! — адказаў вартавы.
Так яно і было. Калі Лоўлес дайшоў да харчэўні, што стаяла ў сярэдзіне сяла, ён убачыў Эліса Дэкуорта, акружанага сялянамі сэра Дэніэла. Ён вельмі спакойна збіраў з сялян чынш і выдаваў ім распіскі ў атрыманні грошай. Відаць было, што сялянам гэта зусім не падабаецца, — яны выдатна разумелі, што ім давядзецца плаціць яшчэ раз.
Калі даведаўся, каго прынёс Лоўлес, Эліс зараз жа адпусціў сялян. Твар яго выказваў і жывое спачуванне, і трывогу; ён загадаў аднесці Дзіка ў задні пакой харчэўні. Там юнаку перавязалі раны і самымі простымі сродкамі прывялі яго ў прытомнасць.