Остер Григорий Бенционович
Шрифт:
* * *
У жыцьці галоўнай справай Можа стаць любая дробязь, Трэба толькі цьвёрда верыць, Што важнейшых спраў няма. І тады не перашкодзяць Вам ні холад, ні сьпякота, У вялікім захапленьні Розную рабіць лухту. * * *
Біце палкай жабянятаў - Гэта вельмі захапляльна. Адрывайце крылы мухам, Хай гуляюць пехатой. Трэніруйцеся штодзённа, І шчасьлівы дзень настане - Вам ў якімсьці каралеўстве Прапануюць катам стаць. * * *
Дзяўчат ніколі і нідзе Ня трэба заўважаць. Ім кроку не даваць ступіць Ніколі і нідзе. Часьцей падножкі падстаўляць, Зьнянацку іх пужаць, Каб ясна зразумелі ўсе - Ня трэба вам яны. Сустрэў дзяўчынку, дык хутчэй Паказвай ёй язык, Каб не падумала яна, Што закахаўся ты. * * *
Калі раптам ты з бацькамі Вырашыў пачаць вайну, Пастарайся здацца маме, - Тата не бярэ ў палон. І, дарэчы, не забудзься Ты мамулі нагадаць, Біць палонных па азадку Не дае Чырвоны Крыж. * * *
Калі вырасьцеш вялікім, Станавіся прэзідэнтам. Бо файнейшае работы Ў цэлым сьвеце не знайсьці: Ў абавязкі прэзідэнта Уваходзіць бег на лыжах, Тэніс, на каньках катаньне І гульня ў футбол-хакей. * * *
Не пагаджайся ні за што Ніколі і ні зь кім, А хто пагодзіцца з табой - Таго баякам кліч. За гэта ўсе цябе пачнуць Любіць і паважаць. І будзе у цябе паўсюль Сяброў сапраўдных шмат. * * *
Калі ў кухні тараканы Маршыруюць па стале, Ну а мышы на падлозе Зладзілі вучэбны бой, Значыць, трэба на часінку Кінуць барацьбу за мір І распачынаць заўзята Барацьбу за чысьціню. * * *
Калі вырашыў ты зь сябрам Па душах пагаварыць, Сябра не хапай за гузік - Вырвецца яшчэ, зьбяжыць, І на памяць застанецца Толькі гузік у цябе. Сябру трэба даць падножку, На падлогу заваліць, Зьверху сесьці і тады ўжо Па душах пагаварыць. * * *
Калі ты прыйшоў у госьці, Не здароўкайся ні зь кім, Словаў «дзякуй», «калі ласка» Анікому не кажы, На пытаньні не адказвай, Адвярніся ад усіх, І тады цябе ня будуць Называць балбатуном. * * *
Калі здарылася нешта Й вінаватых не знайшлі, Не хадзі туды, іначай Вінаватым будзеш ты. Лепш схавайся у куточку, А пасьля ідзі дамоў І пра тое, што убачыў, Ты нікому не кажы. * * *
Не купілі вам бацькі марозіва? Не ўзялі ў кіно з сабою ўвечары? Трэба на бацькоў тады пакрыўдзіцца І сыйсьці бяз шапкі ў ноч халодную. Ды ня проста так блукаць па вуліцах, А ў дрымучы, цёмны лес адправіцца. Стрэць ваўка там шэрага, галоднага, Ў пашчу да яго патрапіць, ведама ж. А бацькі, калі пра тое ўведаюць, Закрычаць, заплачуць ды забегаюць, Кінуцца адразу па марозіва, Возьмуць у кіно з сабою ўвечары. * * *
Паглядзі, што ў кожным доме Адбываецца ўначы: Павярнуўшыся да сьценкі, Тата з мамаю ляжаць. Вуснамі яны варушаць У цямнюткай цемнаце, І, заплюшчваючы вочы, Пяткай торгаюць у сьне. Ўвечары ісьці у ложак Не згаджайся ні за што. І не дазваляй нікому Нават коўдру падтыкаць. Ну няўжо табе ахвота Лепшыя свае гады Змарнаваць пад цёплай коўдрай, На падушцы, без штаноў? * * *
Калі хочаш ты спадабацца дарослым, Дык зранку пачні хітраваць і дурэць, Брыкацца, кусацца, туды-сюды гойсаць І кленчыць сабе падарункі ва ўсіх. Гарлай, бі талеркі і сьмецьце раськідвай, А потым гадзінку вазьмі адпачні, - Адразу расчулена мама і тата Зь усьмешкай ласкавай пагладзяць цябе І скажуць, што ты - залатое дзіцятка, З табою гуляцца адна любата.